Перайсці да зместу

Каср Ібрым

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каср Ібрым на карце Ніжняй Нубіі

Каср Ібрым (араб. ‏قصر ابريم‎‎) — разваліны старажытнага горада сярэднявечнай Ніжняй Нубіі, знаходзіцца на поўдні сучаснага Егіпта. Старажытны горад размяшчаўся першапачаткова на схіле берага Ніла, але ў выніку будаўніцтва Асуанскай плаціны ў другой палове XX стагоддзя і ўтварэння ў выніку разліва вод Ніла вазера Насер, Каср Ібрым фактычна стаў востравам. З будаўніцтвам плаціны апынулася, што Каср Ібрым — адзіны археалагічны помнік у раёне затаплення, які апынуўся вышэй новага ўзроўню вады. І да, і пасля будаўніцтва плаціны Каср Ібрым прыцягваў да сябе археолагаў.

Першыя раскопкі Каср Ібрыма распачала экспедыцыя Пенсільванскага ўніверсітэта ў 1911 годзе[1]. Археолагамі ўсталявана, што першыя паселішчы Каср Ібрым датуюцца Егіпецкім Познім перыядам. Паселішча дасягнула росквіту ў Сярэднявеччы, у гэты перыяд у Каср Ібрыме размяшчалася дыяцэзія дзяржавы Набатыі. У Каср Ібрыме знойдзена найбагацейшая на сённяшні дзень калекцыя дакументаў на старажытнанубійскай мове, уключаючы дакументы дыяцэзіі. Каср Ібрыме быў населены аж да 1840-х гадоў, у наш час востраў закрыты для наведвання, на ім працуюць толькі археолагі.

Старонка манускрыпта на старажытнанубійскай мове, датаваная IX-X стагоддзем з Каср Ібрыма

Замак-крэпасць Ібрым, якая аднаўляецца археолагамі, пабудаваны на падмурку больш старажытнай пабудовы часоў егіпецкіх фараонаў[2]. Будаўніцтва працягвалася ў рымскі перыяд, у часы прэфектуры Гая Петроніуса (англ.: Gaius Petronius), у валадаранне імператара Аўгуста[3]. Усталявана, што ў гэты перыяд будаўніцтва вялося з выкарыстаннем матэрыялаў больш старажытных пабудоў. Найстарэйшы раскапаны храм датуецца эпохай фараона Тахарка. На гэтым храме намаляваны фараон, які прыносіць ахвяраванне багам[4]. Найстаражытным знойдзеным артэфактам з'яўляецца стэла, узведзеная на 8-м годзе валадарання фараона Аменхатэпа I.

Руіны кафедральнага храма Каср Ібрым

Стэла фараона Аменхатэпа I выкарыстоўвалася пры будаўніцтве значна пазнейшага Візантыйскага кафедральнага храма, які дайшоў да нашых дзён у руінах. У наш час гэта стэла знаходзіцца ў калекцыі Брытанскага музея[5]. На заходнім схіле замка-крэпасці Ібрым размяшчаюцца некалькі невялікіх храмаў, высечаных у камені па загадзе егіпецкага намесніка царства Куш і прысвечаных розным кіраўнікам Егіпецкага Новага царства і егіпецкім божаствам[6]. Падчас падрыхтоўкі тэрыторыі да затаплення пры будаўніцтве Асуанскай плаціны ў Каср Ібрым праводзіліся працы, падчас якіх барэльефы зразаліся і перавозіліся ў раён Новага Вадз-эс-Себэ (англ.: New Wadi es-Sebua)[7]. Вялікая каменная стэла Сеці I, узведзеная егіпецкім намеснікам часоў фараона Аменамопэ (англ.: Amenemope), выяўленая на паўднёвым схіле замка-крэпасці Ібрым, была перавезена ў мясцовасць Новая Калабша (англ.: New Kalabsha) у наваколлях Асуана[7].

Зноскі

  1. David., op. cit., pp.106-107
  2. John Baines and Jaromír Málek, Atlas of Ancient Egypt, Facts on File Publications New York, 1982. p.183
  3. Rosalie David, Discovering Ancient Egypt, Facts on File, 1993. p.106
  4. Bains & Málek, op. cit., p.183
  5. Qasr Ibrim in Ancient Nubia
  6. David, op. cit., p.106
  7. а б Baines & Málek, op. cit., p.183